КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,

нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.

Літ.:

Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг. М., 1970.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)